ЭКСПАНАТЫ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ .
ПРАКТЫЧНАЕ ВЫКАРЫСТАННЕ МУЗЕЯ.
У этнаграфічным музеі прадстаўлены інтэр’ер беларускай хаты.
Архітэктурнае аблічча жылля заўсёды адлюстроўвае ўзровень цывілізацыі, лад жыцця і побыт народа. Асноўным матэрыялам для будаўніцтва жылля да нядаўняга часу было дрэва. Зруб жылля ўзводзілі з сасновых, радзей яловых бярвён. Жыллё лічылася святым месцам.
Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, падсобны інвентар, мэбля, адзенне, посуд займалі ў сістэме сваё звыклае месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку.
Хата мела высокі парог і нізкія дзверы, што паварочваліся ў драўляных петлях. Парог лічыўся мяжой абжытай прасторы, што знаходзілася пад аховай духаў. Не прынята было вітацца і падаваць руку цераз парог. Народнае павер’е не дазваляла наступаць ці садзіцца на парог, каб не наклікаць хваробы і няшчасцяў. У першы раз малады муж павінен быў унесці на руках цераз парог сваю жонку, каб яна была прыязна прынята хатнімі духамі.
Справа, радзей злева ад парога стаяла глінабітная печ.
Печ – гэта прыстасаванне для прыгатавання гарачых страў, выпякання хлеба, абагравання памяшкання, сушкі.У інтэр’еры хаты селяніна печ звычайна займала месца ў бліжнім ад увахода куце і была звернута вусцем да падоўжанай сцяны з вокнамі. Унутры печ мела под, на якім палілі дровы і гатавалі страву, зверху – паднябенне; закрывалася засланкай. Слупавая аснова печы ўтварала знутры свабодны прамежак (падпечча), дзе трымалі розныя нехадавыя рэчы, а ў зімовыя маразы – свойскую птушку. У верхняй частцы знаходзіўся прыпечак. На прыпечку, збоку ад вусця печы, была ямка-ніша, куды зграбалі частку гарачага вуголля, закрываючы яго слоем попелу. У гэтым стане вуголле захоўвалася круглыя суткі і выкарыстоўвалася ў якасці запалак. Калі вугалі гаслі, гэта лічылася кепскай прыкметай. Нязгасны “вечны” агонь у ачагу быў для беларусаў сямейнай святыняй, сімвалам шчасця і дабрабыту.
У зімовы час сялянская хата ператваралася ў свайго роду фальклорны клуб. Тут збіралася моладзь на вячоркі, гульні, песні чаргаваліся з прадзеннем, ткацтвам, вышываннем, вязаннем. Дзяўчаты вучыліся прасці ўжо з сямігадовага ўзросту. Самапрадка (калаўрот) складалася з кола, педалі, якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільнага апарата. Апошні складаўся са стрыжняў, размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам.
Для прадзення кудзелі існавала прасніца. На Беларусі бытавалі 4 асноўныя тыпы: лапатападобная, грэбень, рагулька, кій.
Тут жа ставіліся кросны для ткацтва. Найбольш важныя часткі кроснаў – ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якія прапускаліся ніткі асновы; берда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні.
Ткалі вельмі прыгожыя рэчы: ручнікі, посцілкі, адзенне. Посцілкі выкарыстоўваліся для накрывання, засцілання ложкаў, у якасці дываноў і коўдраў.
Ручнік – прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага і дэкаратыўнага прызначэння. Шырыня звычайна 25-45 см, даўжыня 1-3 м. Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных і іншых абрадах. Ручнікі ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем, вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі.
Адзенне заўсёды адлюстроўвае пануючы стыль і моду, індывідуальны густ, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча, этнічную, сацыяльную і прафесійную прыналежнасць. Адзенне падзяляецца на мужчынскае, жаночае, дзіцячае.
Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складалі доўгія, амаль да каленяў, кашуля і штаны з даматканага палатна натуральнага (белага) колеру. Кашулю насілі навыпуск паверх штаноў пад пояс.
Традыцыйны жаночы комплекс складалі доўгая палатняная кашуля (сарочка), спадніца (або андарак), фартух, безрукаўка.
Знаёмства з гісторыяй свайго краю выклікае жаданне захаваць спадчыну, пакінуць добры след аб сабе, даведацца пра мінулыя пакаленні, гонар за працавітасць нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.