Экскурсія, прысвечаная подзвігу М. Жуйкова і П. Мазіліна “Цаною жыцця”
У 1944 годзе адбылася яшчэ адна падзея, якая занесла назву нашай вёскі на старонкі ваеннай гісторыі навякі.
1 сакавіка 1944 года, у гэты дзень пачалося наступленне на станцыю Мормаль з боку вёскі Дуброва. Перад 13-м асобным кулямётна – артылерыйскім батальёнам пад камандаваннем лейтэнанта Мікалая Пятровіча Жуйкова была пастаўлена задача авалодаць апорным пунктам праціўніка – вышынёй каля вёскі Мормаль. Пасля артпадрыхтоўкі батальён авалодваў першай лініяй абароны, але прасоўванню нашых далей наперад перашкаджаў варожы дзот. Цяжка паранены , М.П. Жуйкоў дапоўз да дзота і кінуў дзве гранаты. Але немцы працягвалі весці агонь. Сабраўшы апошнія сілы, камандзір кінуўся грудзьмі на амбразуру варожага дзота. На нейкі час дзот замаўчаў. Байцы кінуліся ў атаку, але зноў вымушаны былі залегчы: фашысцкі кулямётчык здолеў адкінуць цела загінуўшага М.П.Жуйкова і аднавіць стральбу. Тады да дзота папоўз старшы сяржант Піліп Мікалаевіч Мазілін і паўтарыў подзвіг свайго камандзіра, закрыўшы амбразуру варожага дзота сваім тулавам. Натхнёныя гэтымі подзвігамі байцы зноў падняліся ў атаку і авалодвалі вышынёй, нанёсшы праціўніку вялікія страты.
Аб подзвігу Мікалая Жуйкова адразу паведамілі камандзіру батальёна. Камандуючы 1-м Беларускім фронтам генерал арміі К.Ракасоўскі ў прадстаўленні лейтэнанта М.П. Жуйкова да ўзнагароды пісаў: “ Лейтенант Жуйков Н.П. совершил подлинно патриотический поступок и пал смертью храброго, отважного героя нашей Родины, закрыв своим телом амбразуру дзота врага, чем способствовал успеху боя”. Указам Прэзідэума Вярхоўнага Савета СССР лейтэнант Жуйкоў Мікалай Пятровіч і старшы сяржант Мазілін Піліп Мікалаевіч узнагароджаны ордэнамі Леніна (пасмяротна). Пахаваны героі ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі Мормаль. У 1985 годзе, каб ушанаваць подзвіг герояў М. Жуйкова і П. Мазіліна каля школы быў узведзены асобны помнік воінам - панкратаўцам
Калі б маглі сёння загінуўшыя воіны зірнуць на былыя месцы баёў, на ўзятую імі высату!
Вёска Мормаль адрадзілась і жыве. Жыхары вёскі свята ўшаноўваюць памяць загінуўшых воінаў. Імёнамі гэтых герояў названы вуліцы нашай вёскі . Каля школы ўзведзены помнік М.П. Жуйкову і П.М. Мазіліну. У самой школе, ў канцы 1989 года па ініцыятыве дарэктара школы Іванькова А.А., быў адкрыты музей воінаў-панкратаўцаў. Штогод, 1 сакавіка, вучні нашай школы разам з жыхарамі вёскі праводзяць каля помніка мітынг і вахту памяці, ушаноўваючы памяць герояў.
З біяграфіі герояў.
Жуйкоў Мікалай Пятровіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў пасёлку Ялоўскі Ярскага раёна Удмурціі. На фронце з красавіка 1943 года.
Мазілін Піліп Мікалаевіч нарадзіўся ў 1894 годзе ў вёсцы Дзмітрыеўка Аксубаеўскага раёна рэспублікі Татарстан. На фронце з красавіка 1942 года.