Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Экскурсія “З гісторыі 194-й стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай дывізіі”

Дата: 12 мая 2017 в 09:50, Обновлено 12 мая 2017 в 09:54

Экскурсія   “З гісторыі 194-й стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай  дывізіі”

 Наш музейны пакой мае дзве экспазіцыі: адна з іх прысвечана воінам-панкратаўцам, другая – 194-й стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай дывізіі. Пачаць экскурсію я хачу словамі вядомага паэта Р.Раждзественскага:

                                                     Успомнім усіх паімённа,

Горам успомнім сваім.

      Гэта патрэбна не мёртвым,

Гэта патрэбна жывым.

 Зусім нядаўна мы святкавалі 70-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкай агрэсіі. 70 год – гэта мала або шмат? Дазволю сабе паразважаць. 

 Мала,      калі браць у разлік тысячыгадовыя даўніны гісторыі. І зусім наадварот, калі гаварыць аб жыцці чалавека, яго памяці. Дзіўная рэч – чалавечая памяць, часам мы помнім чаго ніколі не бачылі і не ведалі. Мы нарадзіліся ў мірны час, і тым не меньш мы помнім. Мы вяртаемся ў той далёкі час саракавых гадоў прошлага стагоддзя, якога ніколі не бачылі і не ведалі, але які помнім. Хтосьці сказаў: “Чалавек да тых пор чалавек, пакуль помніць”.  Мы датыкаемся да подзвігу людзей, якія абаранілі краіну ад ворага, да неўміручай славы тых герояў, якія не вярнуліся з той жудаснай вайны. У гэты юбілейны год няхай наша беларуская зямля ўваскрэсіць імёны ўсіх, хто са зброяй у руках абараніў яе ад нямецка – фашысцкіх захопнікаў.

Мая родная вёска Мормаль – адзін з тых населеных пунктаў нашага раёна, дзе з канца лістапада 1943 года па чэрвень 1944 года праходзіла лінія фронту. І хаця баі за вёску не насілі вялікага стратэгічнага значэння, тым не меньш, населены пункт тры разы пераходзіў ад немцаў да воінаў Чырвонай арміі.

Адсюль рабіліся неаднаразовыя захады, каб вызваліць ад немцаў Жлобін у снежні 1943 года і вясной 1944 года, аднак поспеху яны не мелі.

З дакументаў нам вядома, што нашу вёску вызвалялі воіны 194-й стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай дывізіі. Менавіта з успамін ветэранаў гэтай дывізіі нам стала вядома пра вызваленне нашай вёскі і баі , якія ішлі каля Мормаля.

194-я стралковая Рэчыцкая Чырвонасцяжная дывізія была сфарміравана восенню 1939 года ў Сібіры. Камандзірам яе быў прызначаны палкоўнік І.П. Салагуб. У студзені 1940 года дывізія была пераведзена ў Сярэднеазіяцкую ваенную акругу, а ў пачатку ліпеня 1941 года ўвайшла ў склад Заходняга фронту.

Воіны дывізіі прымалі непасрэдны ўдзел у абароне Масквы. Вытрымаўшы мацнейшы націск ворага, дывізія ў складзе 49-й арміі, перайшла ў контрнаступленне, у выніку якога прайшла на захад ад Серпухава больш як двесце кіламетраў, вызваліўшы ад нямецка – фашысцкай акупацыі дзесяткі населеных пунктаў Маскоўскай і Смаленскай вобласцей. Так пачынаўся слаўны баявы шлях 194-й  стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай дывізіі.

 14 кастрычніка 1942 года  камандзірам дывізіі быў прызначаны палкоўнік  Апякін П.П. У гэты час дывізія знаходзілася ў рэзерве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання. Затым былі кравапралітныя баі на Курскай дузе.

У жніўні 1943 года ў складзе ўжо 48-й арміі дывізія пайшла ў наступленне ў напрамку Ноўгарад-Северскі – Гомель.

10 кастрычніка гэтага ж года дывізія разам з 307-й і 102-й стралковымі дывізіямі фарсіравала раку Сож. Потым вяла цяжкія баі ў міжрэччы Сожа і Дняпра, прымае пасрэдны ўдзел у вызваленні Рэчыцы, за што 18 лістапада атрымала ганаровую назву “Рэчыцкая”.

Упачатку снежня 1943 года дывізія прыбыла з баямі ў вёску Мормаль, дзе і вяла баі мясцовага значэння. Неаднойчы менавіта тут, у Мормалі, воіны дывізіі рабілі спробы прарваць абарону ворага, каб выйсці да Жлобіна. Аднак гэта не ўдавалася.

Аб усіх гэтых падзеях расказваюць экспанаты кутка баявой славы, які існуе ў нашай школе. Вучні сабралі цікавы матэрыял з успамінамі ветэранаў 194-й стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай дывізіі.

Так, гамяльчанін маёр у адстаўцы Дзмітрый Міхайлавіч Зюзькоў успамінае пра мормальскія балоты, у якіх прыйшлось знаходзіцца яго аднапалчанам. Тут нельга было ні акапацца як след, ні пахаваць загінуўшых таварышаў. Ветэран расказвае, што немцы баяліся нашых воінаў ноччу, таму “асвятлялі” вёску чарговым пажарам. Менавіта пасля бою за станцыю Мормаль Дзмітрыю Міхайлавічу быў  уручаны камсамольскі білет, пра што ветэран расказвае з асаблівым хваляваннем.

Масквіч Кузьма Канстанцінавіч Шылаў у час мясцовых баёў за Мормаль з’яўляўся палкавым інжэнерам. Так атрымалася, што пад нашай вёскай немцы навучыліся без перашкод праходзіць мінныя палі. І каб выправіць такое становішча, Кузьму Канстанцінавічу прыйшлося некалькі начэй падрад поўзаць па снезе вакол вёскі . Пасля гэтага немцы ўжо не маглі проста так прайсці праз лінію фронта. Дарэчы, Кузьма Канстанцінавіч Шылаў  - аўтар кнігі “Рэчыцкая Чырвонасцяжная”, якую ён асабіста падараваў нашаму школьнаму кутку баявой славы.

Другі масквіч Аляксей Аляксеевіч Табуноў пачаў вайну радавым, а скончыў яе камандзірам асобнага батальёна. Ён успамінае, як аднойчы, пад Мормалем, немцы выкралі нашага вартавога, і як яму, камандзіру разведкі, давялося разам з байцамі вызваляць палоннага.

383 воіны 194-й стралковай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай дывізіі загінулі на мормальскай зямлі. Гэта па афіцыйнай статыстыцы. Але іх можа быць значна больш. Неаднаразова ў лясах і наваколлі  Мормаля былі знойдзены астанкі савецкіх воінаў, урачыстыя захараненні якіх адбыліся ў брацкай магіле вёскі.

Дывізія прымала таксама актыўны ўдзел у Беларускай наступальнай аперацыі “Багратыён”. Пасля вызвалення Бабруйска яе камандзір Апякін П.П. быў прызначаны камендантам гэтага горада.

За фарсіраванне 10 ліпеня 1944 года ракі Шчара і вызваленне Слоніма, дывізія   27 ліпеня 1944 года была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага сцяга.   

20 студзеня 1945 года дывізія перайшла граніцу Прусіі. Завяршала яна свой слаўны баявы шлях на ўзбярэжжы Балтыйскага мора ў заліве Фрыш-Гаф на пясчанай касе Фрыш-Нерунг.

У кастрычніку 1945 года дывізія вярнулась на радзіму, а ў 1956 годзе была расфарміравана.

За баявыя подзвігі 16 786 салдат, сержантаў і афіцэраў было ўзнагароджана ардэнамі і медалямі. Пяць чалавек сталі поўнымі Кавалерамі ордэна Славы, 11 воінаў – Героямі Савецкага Саюза.

У экспазіцыі нашага музейнага пакоя прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя

як баявому шляху дывізіі, так і лёсу яе асобных воінаў.

У 1990 годзе адбылася  памятная сустрэча навучэнцаў нашай школы з ветэранамі 194-й Рэчыцкай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі. У экспазіцыі музея захоўваюцца кнігі і візіткі,  падараваныя вучням ветэранамі.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.